ФО́РМНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ тэхналагічныя аперацыі вырабу друкарскіх форм.

У залежнасці ад віду форм і тэхн. сродкаў і іх вырабу адрозніваюць Ф.п.: наборна-адліўныя — адліўка шрыфтавых радкоў фарміраванне з іх друкарскай формы высокага друку, стэрэатыпныя — цісненне з арыгінальных форм высокага друку матрыц і выраб з іх стэрэатыпаў (адліўкай, гальванапластыкай, прасаваннем); фотахімічныя — капіраванне тэкставай і выяўл. інфармацыі з фотаформ на формную пласціну або прамежкавы матэрыял з наступнай апрацоўкай (хім. траўленнем, спец. растворам); электрафатаграфічныя — выраб друкарскіх форм плоскага афсетнага друку электрафатаграфаваннем арыгінала-макета на формную пласціну, пакрытую электрафатаграфічным слоем (гл. Электрафатаграфія).У наш час часцей выкарыстоўваюць Ф.л. з паэлементным запісам інфармацыі непасрэдна на формныя пласціны (або цыліндры глыбокага і флексаграфскага друку) з выкарыстаннем электроннай паэлементнай разгорткі інфармацыі арыгінала і фарміравання друкавальных элементаў электронна-мех. гравіраваннем або лазерным уздзеяннем.

З’яўленне Ф.п. адносяць да 9 ст. (ручное гравіраванне форм высокага друку на драўляных дошках, гл. Дрэварыт), э 15 ст. — гравіраванне форм глыбокага друку на медных пласцінах, з 16 ст. — хім. траўленне паглыбленняў на формных метал. пласцінах, з 1860-х г. — выкарыстанне фатагр. працэсаў (фотакапіравання).

Літ.:

Технология изготовления печатных форм. М., 1990;

Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991.

У.​М.​Сацута.

т. 16, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)